Марыя Рудзь — першая старшыня беларускага згуртавання Razam у Нямеччыне і актыўная прадстаўніца беларускай дыяспары. У інтэрв’ю для BGmedia яна расказвае пра свой шлях з Беларусі ў Нямеччыну, адаптацыю ў новай краіне, асаблівасці працы і жыцця ў Берліне, сваю дзейнасць у падтрымку беларусаў і беларусак за мяжой, а таксама дзеліцца асабістым досведам пераезду, культурнымі і працоўнымі адрозненнямі паміж Беларуссю і Нямеччынай, дае парады тым, хто плануе пачаць жыццё ў Нямеччыне. Відэаверсію інтэрв’ю можна паглядзець ніжэй.
Чытайце таксама: «Заўсёды трэба мець правільныя чаканні». Iнтэрв’ю з даследчыкам Алесем Чайчыцам, якi некалькi гадоў жыве ў Нямеччыне
«Тое, што раблю, важна і карысна як для беларускай супольнасці ў Нямеччыне, так і для беларусаў у выгнанні»
— Калі вы з’ехалі з Беларусі і чаму?
— Я з’ехала з Беларусі яшчэ ў 2017 годзе. Пераехала ў Нямеччыну, каб вучыцца ў магістратуры. Спачатку я жыла ў Баварыі, а потым у 2019 годзе пераехала ў Берлін.
— Чаму Берлін?
— Берлін крышачку падобны да Менска. І таму мне заўсёды было тут камфортна. Гэта вельмі яркі, вельмі жывы горад. І мне здаецца, што калі б у Менску не было дыктатуры, то Менск мог бы стаць другім Берлінам.
— На каго вы вучыліся ў магістратуры?
— Я скончыла магістратуру па спецыяльнасці «Адукацыя для ўстойлівага развіцця».
— Раскажыце пра працу. Кім вы працуеце? Чым займаецеся?
— Я першая старшыня згуртавання беларусаў і беларусак у Нямеччыне Razam. Я каардыную ў арганізацыі адзін вялікі праект, які аб’ядноўвае беларускую грамадзянскую і журналісцкую супольнасці ў выгнанні. І таксама як першая старшыня займаюся развіццём арганізацыі і многімі іншымі задачамі ў рамках арганізацыі.
— Як даўно вы з Razam?
— Razam з’явілася ў жніўні 2020 года на хвалі пратэстаў у Беларусі. Беларусы і беларускі за мяжой таксама аб’ядналіся, і мы заснавалі арганізацыю ў Нямеччыне. Я была актыўная ў Razam з самага пачатку, але на пасадзе старшыні — з 2023 года.
— Вам падабаецца праца?
— Так, мне падабаецца мая праца. Я лічу, што тое, што я раблю, гэта важна і карысна як для беларускай супольнасці ў Нямеччыне, так і для беларусаў у выгнанні і для ўсяго дэмакратычнага беларускага руху.
— Якія ў вас амбіцыі ў Razam?
— У межах Razam усе мае амбіцыі, можна сказаць, ужо рэалізаваліся — гэта самая галоўная пасада ў арганізацыі, вышэй няма куды рухацца. Але ўнутры арганізацыі шмат што можна развіваць і паляпшаць — гэта мой асноўны прыярытэт.
— А якія мэты ў арганізацыі на гэты момант?
— Пакуль, канешне, у Беларусі не скончыліся рэпрэсіі і не адбыліся дэмакратычныя змены, то мы будзем працаваць у гэтым накірунку, таксама падтрымліваць ахвяр рэпрэсій у Беларусі і ахвяр вайны ва Украіне. Але мы, вядома, спадзяёмся, што калі-небудзь адбудуцца дэмакратычныя перамены ў Беларусі — і тады зможам больш сканцэнтравацца на культурнай дыпламатыі: на прасоўванні беларускай культуры сярод немцаў у нямецкай прасторы, на прадстаўленні Беларусі ў еўрапейскай прасторы.
— Вы ўжо расказвалі пра тое, чым займаецеся ў Razam. Можаце, напрыклад, прывесці канкрэтны прыклад: пераязджае малады чалавек у Берлін. Калі ён звернецца да вас, што арганізацыя можа прапанаваць?
— Зараз, на жаль, у нас няма рэсурсаў аказваць нейкую кансультацыйную падтрымку тым, хто пераязджае ў Нямеччыну. Зараз мы больш сканцэнтраваныя на пытаннях адвакацыі правоў беларусаў і беларусак ў Нямеччыне.
У першую чаргу гэта тое, што датычыцца дакументаў і легалізацыі. Як вы ведаеце, беларусы і беларускі не могуць атрымаць новыя пашпарты ці прадліць за мяжой. І мы працуем з нямецкімі палітыкамі, каб вырашыць гэтую сітуацыю, каб Нямеччына выдавала пашпарты іншаземцам для падарожжаў.

Чытайце таксама: В Польше признали эквивалентом паспорта проездной документ, который выдают в том числе беларусам. Это важное изменение
«Усе стаміліся ад рэпрэсій, ад вайны, ад негатыўных навін»
— Чым падобныя беларусы і немцы ў працы, працоўных адносінах?
Ніколі не думала пра беларусаў і немцаў у працоўным параўнанні. Але я думаю, што і тыя, і другія вельмі сумленна ставяцца да сваёй працы. І той народ, і другі — даволі працавіты. Таму мне здаецца, што беларусам і беларускам даволі лёгка ўліцца ў нямецкі працоўны рынак. І я думаю, што і нямецкі працоўны рынак будзе радасна вітаць беларусаў і беларусак, якія хочуць тут працаваць.
— А чым не падобныя?
— На асабістым узроўні даволі цяжка сказаць. Але мне здаецца, што ў цэлым нямецкая сістэма абароны правоў работнікаў значна больш развітая, чым у Беларусі. У Нямеччыне час ад часу асобныя фірмы і прадпрыемствы праводзяць страйкі, калі яны з нечым не згодныя. І ў цэлым адстойваць свае працоўныя правы ў Нямеччыне значна лягчэй, чым гэта было ў Беларусі.
— Як за 5 гадоў змянілася падтрымка беларусаў Нямеччынай? Ці яна ўзмацнілася, ці аслабла, ці проста стала больш роўнай?
— Я думаю, што, па-першае, у 2020 годзе Нямеччына і шырокая нямецкая грамадская супольнасць увогуле даведаліся пра тое, што ёсць Беларусь, што беларусы і беларускі прагнуць дэмакратычных перамен. І, канешне, у 2020 годзе падтрымка была вельмі моцная і вельмі адчувальная.
То-бок гэта было і на асабістым узроўні: немцы і немкі пісалі, прыходзілі на нашы імпрэзы, ахвяравалі грошы, былі гатовыя ўключацца ў нейкія актыўнасці, каб падтрымліваць беларусаў і беларусак.
Канешне, за 5 гадоў гэта падтрымка змянілася, бо на такім высокім узроўні яна была проста немагчыма такая доўгая. Калі пачалася вайна ва Украіне, то вельмі шмат тых людзей, якія падтрымлівалі Беларусь у 2020-м, уключыліся таксама ў дапамогу ўкраінцам і ўкраінкам — і тут, на месцах. Але цяпер, у 2025 годзе, мы бачым, што ў цэлым усе стаміліся. Усе стаміліся ад рэпрэсій, ад вайны, ад негатыўных навін. Даволі цяжка мабілізаваць як нашу супольнасць на нейкую агульную дзейнасць, так і нямецкую супольнасць, каб нас падтрымліваць.

— Знаёмая распавяла мне, што раней Беларусь у Нямеччыне пісалі як «Вайсрусланд», а потым беларусы змагаліся за тое, каб нашу краіну пісалі «Беларусь». Гэта праўда ці не? І цяпер што пішуць немцы, у тым ліку ў афіцыйных дакументах — «Беларусь» ці «Вайсрусланд»?
— Так, гэта праўда. Раней у Нямеччыне ў асноўным выкарыстоўвалі тэрмін «Вайсрусланд» для абазначэння Беларусі, хаця афіцыйная назва краіны ў Нямеччыне з самага пачатку існавання незалежнай Беларусі была Belarus. Таму гэта была хутчэй калька і пераклад з расейскай мовы.
І беларусы, беларускі, якія жывуць у Нямеччыне, яны ўжо вельмі даўно змагаліся за тое, каб хаця б бліжэйшае кола знаёмых і сяброў не называла нашу краіну «Вайсрусланд». І, канешне, пасля падзей 2020 года гэта вельмі прыкметна змянілася — нямецкія медыі, нямецкія палітыкі, нямецкая грамадзянская супольнасць сталі выкарыстоўваць толькі слова «Беларусь».
І калі хтосьці з немцаў на публіцы кажа «Вайсрусланд», то хутчэй за ўсё гэта будзе дэпутат ад AfD, ад правай партыі, які лічыць, што Беларусь павінна быць часткай Расіі.
— Можаце развеяць адзін стэрэатып пра Германію?
— Я думаю, што ўсе яшчэ спадзяюцца, што немцы пунктуальныя. Не, не трэба спадзявацца, што на сустрэчу немцы заўсёды прыходзяць хвіліна ў хвіліну ці загадзя. Хутчэй за ўсё, гэта беларусы ці беларускі прыйдуць за 5–10 хвілін раней і будуць яшчэ чакаць.

Чытайце таксама: Роскошные дворцы, огромные парки и голландский квартал. Рассказываем про Потсдам — королевский город в 20 км от Берлина
«У Берліне вельмі шырокая палітра: ад нейкіх класічных паказаў да вельмі мадэрнавага андэрграўнда»
— У якім раёне Берліна вы жывяце? Якія асаблівасці ў яго?
— Я жыву ў Маабіце — недалёка ад галоўнага вакзала. Гэта Заходні Берлін. Маабіт вядомы тым, што там былі і ёсць некалькі турмаў. Раней тут была вялікая турма, якая лічылася ўзорам у прускія часы, якая таксама выкарыстоўвалася пры нацыянал-сацыялізме. Цяпер там парк і месца памяці. Самога будынка больш няма — муры рухнулі. І гэта дае надзею, што і ў Беларусі мур рухне.
— Як вы адпачываеце, як праводзіце вольны час?
— Вельмі хацелася б, каб майго вольнага часу было больш, тады я магла б больш расказаць. Але ў цэлым я вельмі люблю Берлін летам: гэта вельмі зялёны горад з шмат публічнымі актыўнасцямі. Шмат вулічных івэнтаў, таму летам Берлін вельмі жывы. Цяпер жа Берлін вельмі цёмны і шэры, у лістападзе я яго не вельмі люблю. Але, як у любой сталіцы, ёсць вельмі шмат культурніцкага жыцця — канцэрты, выставы, тэатры. У Берліне вельмі шырокая палітра: ад нейкіх класічных паказаў да вельмі мадэрнавага андэрграўнда.
— Назавіце ваш топ-5 любімых месцаў у Берліне.
Напэўна, гэта гучыць дзіўна, але на пятым месцы — галоўны вакзал. Мне ён вельмі падабаецца. Я ведаю, што для турыстаў гэта проста вельмі страшэнны будынак, вельмі шмат паверхаў, цягнікі ездзяць на розных паверхах. І калі ты не арыентуешся, гэта не лепшы вакзал у свеце, але я вельмі люблю гэты шкляны будынак у Берліне.
Чацвёртае — даволі банальны купал Рэйхстага. Я, калі прыехала ў 2019 годзе, працавала ў Бундэстагу. Я магла перасоўвацца па ўсім будынку парламента. І вось купал і пляцоўка на даху Рэйхстага — адно з маіх улюбёных месцаў.
Трэцяе — Тыргартэн (Tiergarten) — вялікі парк у цэнтры Берліна, там вельмі файна шпацыраваць улетку, калі спёка — пад дрэвамі крыху больш прахалодна. Але і восенню, калі можна пашамацець лісцем, таксама вельмі файна. Увогуле я вельмі люблю берлінскія паркі, лясы і азёры — і ў самім Берліне, і каля яго. Тут даволі шмат прыроды, дзе можна адпачыць.
Другое — мне вельмі падабаецца Варшаўэрштрасэ (Варшаўская вуліца). Месца, дзе мы зараз з вамі знаходзімся, — гэта такі даволі тусоўкавы раён у Берліне. Тут шмат клубаў, рэстаранаў, кавярняў. Гэта Фрыдрыхсхайн — раён, які вельмі зялёны, утульны і такі вельмі «берлінскі».
І на першым месцы хай будзе праменад уздоўж ракі Шпрэе, якая цячэ праз Берлін — якраз у маім раёне, у Маабіце. Я вельмі люблю там шпацыраваць. Ёсць адзін адрэзак, які мне вельмі сімпатычны, і я часта выходжу туды на шпацыр.

— Цяпер можаце назваць пяць месцаў, якія вы б параілі наведаць тым, хто прыязджае ў Берлін? Асабліва тым, хто тут упершыню.
— Думаю, што такі гістарычны і архітэктурны экскурс — гэта, можа быць, купал Рэйхстага. Туды можна патрапіць бясплатна, але трэба загадзя зарэгістравацца — гэта важна. Дзень у дзень гэта не атрымаецца, таму, калі вы плануеце паездку ў Берлін, гэта такая стандартная турыстычная атракцыя, якая, хутчэй за ўсё, вам спадабаецца.

Стандартныя месцы — Брандэнбургскія вароты, Аляксандэрпляц, East Side Gallery. Гэта такі берлінскі must have для тых, хто прыязджае ўпершыню. Але калі вы ўжо былі ў Берліне, то я б параіла пагуляць па іншых раёнах, зазірнуць у больш аддаленыя закуточкі і адкрыць для сябе зусім іншы Берлін.

— Куды ездзіце ў Нямеччыне падарожнічаць?
— Я вельмі часта езджу з Берліна ў Баварыю, бо там жыве сям’я майго партнёра, і мы на святы ці проста ў госці ездзім туды, і мне вельмі падабаецца Баварыя, там ёсць і горы, і азёры, і лясы, і нацыянальныя запаведнікі, таму Баварыя ў маім сэрцы назаўсёды.
Я люблю па Нямеччыне ездзіць у іншыя гарады, дзе ёсць стары сярэднявечны горад, дзе можна паблукаць у старых завулках, напрыклад, Нюрнберг, ці адбудаваны Дрэздэн пасля вайны. А таксама я люблю ездзіць каля Берліна. Як я ўжо казала, пад Берлінам і ў горадзе ёсць шмат паркаў, азёр, лясоў, і гэта тое, што можна зрабіць за паўдня, і вельмі файна адпачыць.
— Вам падабаецца нямецкая кухня? Што любіце, а што не? Што гатуеце?
— Скажам так, я прызвычаілася да нямецкай кухні. Я ўжо шмат гадоў вегетарыянка, і таму мне даволі складана з нямецкай кухняй, бо яна даволі насычана мясам, як і любая традыцыйная кухня. Але, напэўна, у Берліне вельмі лёгка знайсці мноства вегетарыянскіх і веганскіх альтэрнатыў, і гэта мне вельмі падабаецца — як у Нямеччыне ў цэлым, так і ў Берліне.
З такіх традыцыйных страў, якія я таксама гатую дома сама, — гэта käsespätzle. Гэта страва з поўдня Нямеччыны, з альпійскага рэгіёна, з Баварыі, Бадэн-Вюртэмберга, таксама яе гатуюць і ў Аўстрыі. Гэта самаробныя маленькія макаронкі. Яны гатуюцца вельмі проста, але патрэбная спецыяльная прылада, каб зрабіць правільную форму гэтых макарон. Іх звычайна падаюць з сырам і падсмажанай цыбуляй. Такую страву я гатова есці даволі часта.
— Убачыў у навінах, што немцы пратэставалі, калі цэны на дёнэр падскочылі да дзесяці еўра. Што вы думаеце?
— Ну, канешне, дзесяць еўра за дёнэр — гэта не па-людску (смяецца). Дёнэр — гэта базавая ежа. У Берліне, я не ведаю дакладнай статыстыкі, але ёсць вельмі шмат розных лакацый, дзе гатуюць дёнэр.
Таксама была спрэчка паміж Нямеччынай і Турэччынай: ці дёнэр — гэта частка нямецкай кухні, ці турэцкай. І Нямеччына выйграла ў гэтай спрэчцы. Цяпер афіцыйна дёнэр-кебаб — гэта нямецкая кухня.
І я б таксама параіла спачатку чытаць водгукі, глядзець водгукі на розныя дёнэры. Бо ў Берліне, канешне, можна патрапіць і на нешта кшталту «высокай кухні». У гатэлі каля Брандэнбургскіх варот ёсць дёнэр з труфелямі за сорак еўра. А можна быць вельмі няшчаслівым ад нейкага дёнэра пад мастом на Аляксандрпляц.

Чытайце таксама: Ровно 34 года назад пала Берлинская стена. Рассказываем о местах, которые напоминают о бывшей границе между ФРГ и ГДР
«Каб пасябраваць з немцамі, трэба прыкласці крыху больш намаганняў»
— Назавіце тры рэчы, якія вас здзівілі пасля пераезду ў Нямеччыну?
— Першая рэч, якая мяне вельмі здзівіла і проста павергла ў шок: у нядзелю ўсе крамы ў Нямеччыне зачынены — нават прадуктовыя супермаркеты. Пра гэта даведалася, стаячы ў нядзелю перад зачыненымі дзвярыма супермаркета, першыя некалькі хвілін я проста не магла паверыць, што кожную нядзелю ўсе крамы цяпер для мяне будуць зачыненыя.
Другая — гэта, напэўна, нямецкая медыцынская сістэма, бо яна працуе інакш, чым беларуская, і час ад часу яна ўсё яшчэ мяне не задавальняе. І час ад часу я ўсё яшчэ не разумею, як дакладна трапіць да таго лекара ці лекаркі, якая мне патрэбна, і як наогул даказаць, што мне сапраўды патрэбна патрапіць да ўрача.
А трэцяя рэч, якая мяне здзівіла ў Нямеччыне, напэўна, датычыцца святаў. У Нямеччыне ўвесь год будуецца вакол святаў, і з аднаго боку гэта надае пэўную ўстойлівасць — ты ведаеш, што прыйдзе зіма і будуць Каляды, увесну ўсе будуць адзначаць Вялікадень, потым нешта будзе летам. Але з іншага боку — усё жыццё будуецца вакол гэтых святаў, вельмі моцна структуравана вакол гэтых святаў.
— А самі вы перабудаваліся на нямецкія традыцыі? Напрыклад, адзначаеце Раство 25 снежня ці 7 студзеня?
— Я не скажу, што ў Беларусі вельмі як-небудзь вяліка адзначала Раство. Але ў Беларусі мы ўсе святкавалі Новы год і гэта было агульнае свята. У Нямеччыне, канешне, найперш адзначаюць Раство — як такое сямейнае свята, калі збіраецца ўся сям’я. І так, я цяпер адзначаю Раство 24 і 25 снежня. Але мая нямецкая сям’я, ведаючы, як для мяне важны Новы год, адзначае яго са мной таксама — з падарункамі і, напэўна, больш, чым гэта звычайна робіцца ў Нямеччыне, каб мне было прыемна.
— Пра еўрапейцаў у цэлым гавораць, што яны больш закрытыя, чым беларусы, з імі цяжэй падружыцца. За той час, што вы жывяце ў Германіі, у вас з’явіліся сябры сярод немцаў?
— Так, канешне, у мяне ёсць сябры і сяброўкі сярод немцаў, але ў адсоткавых суадносінах гэта не так шмат, як знаёмых і сяброў з беларускай ці з украінскай суполкі, бо, канешне, заўсёды лягчэй сябраваць і нейкім чынам падтрымліваць адносіны з людзьмі з падобным бэкграўндам, таму здараецца так, што ў міграцыі, мігранцкія супольнасці хутчэй будуць нейкім чынам паміж сабой завязваць стасункі, чым з людзьмі, якія жывуць у гэтай краіне. Так, сапраўды так. Каб пасябраваць з немцамі, трэба прыкласці крыху больш намаганняў, чым каб пасябраваць з беларусамі і беларускамі.

— Некаторыя лічаць нямецкую мову агрэсіўнай. Гэта таксама стэрэатып. Вы ведаеце нямецкую мову. Што думаеце?
— Мяне цяжка сказаць, бо для мяне нямецкая мова — гэта мая першая замежная мова. Мне яна як замежная мова заўсёды падавалася лагічнай, нармальнай. Трэба сказаць, што ў Нямеччыны вельмі шмат дыялектаў, яны вельмі па-рознаму ўсе гучаць. Некаторыя могуць быць больш жорсткімі, некаторыя вельмі мяккія і павольныя.
Таму нямецкая мова розная ў розных кутках Нямеччыны. І мне здаецца, што той стэрэатып, што нямецкая мова жорсткая і агрэсіўная, больш не адпавядае рэчаіснасці.
— Назавіце пяць вашых любiмых слоў на нямецкай мове.
— Я вельмі люблю нямецкае слова doch. Яно азначае, што, калі хто-небудзь вам нешта кажа ў негатыўным ключы, і вы хочаце гэтаму супярэчыць. Напрыклад, не трэба піць раніцай каву, а вы ім кажаце — doch, трэба. Такога слова мне не хапае ні ў беларускай, ні ў расейскай мове.
Я вельмі люблю нямецкае слова Termin, яно вельмі падобнае да беларускага «тэрмін», але яно азначае ўсё, дзе вы дамовіліся пра сустрэчу. Вы запісаліся да доктара — гэта тэрмін. Вы сустрэкаецеся з сяброўкай на каву — гэта тэрмін. У вас нешта занята ў календары — гэта тэрмін. Мне здаецца, што тыя, хто даўно жывуць у Нямеччыне, запазычылі гэтае слова ў свае нацыянальныя мовы і выкарыстоўваюць яго радасна там.
Мне таксама падабаецца нямецкае слова knapp. Яно азначае, што нешта ў вас упрытык. Вось яго хапае, але вось як раз, каб хапала. І таксама мне вельмі цяжка нейкім чынам перакласці на беларускую ці расейскую. Мне здаецца, што нават размаўляючы па-расейску, я час ад часу выкарыстоўваю нямецкае слова knapp, бо не магу знайсці такі вельмі падыходзячы аналаг для гэтага слова.
Мне вельмі падабаецца баварскае слова, бо ў Баварыі свой дыялект, які даволі далёкі ад літаратурнай нямецкай мовы, і гэта слова Dahoam. Гэта пра дом, але пра такое адчуванне дому, пра малую радзіму. Мне здаецца, што, калі б я магла запазычыць гэта слова ў беларускую, каб распавядаць пра Беларусь, то гэта было б таксама па-баварску Dahoam.
І таксама ў нямецкай ёсць два цікавыя словы Heimweh і Fernweh. Heimweh — гэта, калі ты не на радзіме і цябе баліць, што ты не на радзіме, а Fernweh — гэта, калі ты вельмі доўга сядзіш дома і цябе моцна хочацца вандраваць і кудысьці паехаць, і цябе баліць, што там ёсць далёкія краіны і класныя краявіды, а ты не там, ты сядзіш дома.

Чытайце таксама: 10 лучших рождественских ярмарок Германии в 2025 году: куда отправиться за атмосферой, подарками и горячим глинтвейном
«У Нямеччыну добра пераехаць на працу ці на вучобу»
— Калі б была магчымасць вярнуцца ў той дзень, калі вы вырашылі, што ўсё, еду ў Нямеччыну, вы б прайшлі гэты шлях зноў?
— Я думаю, што так. Гэта было тады слушнае рашэнне пераехаць у Нямеччыну, але, канешне, пераязджаючы тады на вучобу ў Баварыю, я не думала, што я апынуся ў сітуацыі, што я наогул не магу вярнуцца дадому і пабачыцца са сваёй сям’ёй, але ўсё ж такі, я думаю, усе рашэнні, якія былі прыняты да гэтага моманту ў маім жыцці, я б не адменіла.
— А што б вы сказалі сабе самой у той дзень, калі вы апынуліся ў Германіі?
— Напэўна, я б сказала сабе, што гэта будзе значна больш цяжэй, чым мне здавалася, але гэта ўсё роўна таго варта і трэба рабіць тое, што лічыш важным.
— Кім вы бачыце сябе праз пяць гадоў?
— Вельмі цяжка штосьці загадываць на пяць гадоў наперад. Калі б вы задалі мне гэтае пытанне ў 2020 годзе, я не думаю, што б адказала штосьці падобнае да цяперашняй рэчаіснасці. Таму я спрабую не загадваць так далёка.
— Якія вы б далі парады беларусам, якія вырашылі пераехаць у Нямеччыну?
— Першая мая парада для беларусаў і беларусак, якія вырашылі пераехаць у Германію, гэта падумаць яшчэ раз, ці Нямеччына — найлепшы варыянт з магчымых.
Бо ў Нямеччыну добра пераехаць на працу ці на вучобу, але гэта не самая лепшая краіна для жыцця, для мігранцкай супольнасці. Гэта не самы лепшы клімат, гэта не самая лепшая кухня. Гэта даволі дорага пераехаць у Нямеччыну.
Таму, калі ёсць варыянт жыць у Іспаніі на моры, чым у шэрым Берліне, магчыма, гэта опцыя больш падыдзе для вас. Але калі ўсё ж такі вы хочаце ў Нямеччыну, то вам дакладна спатрэбіцца нямецкая мова і вам дакладна спатрэбіцца людзі, якія першы час могуць падтрымліваць і параіць на першы час, што рабіць у Нямеччыне.
Чытайце таксама: Наши за границей. Брестчанка о жизни в Германии: «Иногда появлялись мысли: мол, а чего мне дома не сиделось»
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро



Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: