У Брэсцкай абласной бальніцы пачалі праводзіць перасадку валасоў. Як паведамляецца на сайце медыцынскай установы, гэта першая такая працэдура ў абласной бальніцы Беларусі. Для трансплантацыі выкарыстоўваюць метад FUE, а за адну аперацыю ў сярэднім перасаджваюць каля трох тысяч графтаў.
Чытайце таксама: Да 70 рублёў за прыём: колькі на самой справе каштуе бюджэтная медыцына ў Беларусі
Паводле інфармацыі бальніцы, прыжывальнасць перасаджаных фалікулаў можа складаць 95–98%. Кошт залежыць ад іх колькасці: у сярэднім працэдура абыходзіцца прыкладна ў 6–9 тысяч рублёў.
Як праходзіць перасадка
FUE (follicular unit extraction) — малаінвазіўны метад трансплантацыі валасоў. Валасяныя фалікулы па адным забіраюць з донарскай зоны, звычайна з патыліцы або бакавых частак галавы, пасля чаго перасаджваюць у зоны аблысення.

Пры гэтым не робяць вялікіх разрэзаў і не накладваюць швы. Працэдуру праводзяць пад мясцовай анестэзіяй.
Перасадку ў Брэсцкай абласной бальніцы выконвае хірург-трансплантолаг Васіль Юркоўскі, які праходзіў спецыяльнае навучанне ў Турцыі. У інтэрв’ю TikTok-каналу «Галоўны аглядальнік» ён распавёў, што падчас працэдуры пацыент не адчувае болю.
@glavnyiobzorshchik 📍В Бресте на базе УЗ «Брестская областная клиническая больница» стала доступна услуга по пересадке волос методом FUE, запись осуществляется по № телефона 👇🏻 8️⃣0️⃣2️⃣9️⃣2️⃣2️⃣2️⃣6️⃣5️⃣6️⃣9️⃣ 👨⚕️Врач-хирург: Юрковский Василий Васильевич #главныйобзорщик #брест ♬ оригинальный звук — ГЛАВНЫЙ ОБЗОРЩИК
А вось хуткай такую аперацыю не назавеш. У сярэднім яна займае ад шасці да васьмі гадзін. Падчас працэдуры робяць перапынкі — напрыклад, каб паесці або схадзіць у туалет.
Працэс патрабуе вялікай колькасці ручной працы. Калі пацыенту неабходна перасадзіць каля трох тысяч графтаў, кожны з іх трэба асобна атрымаць, перабраць, адсартаваць і падрыхтаваць месца для перасадкі.
«Кожны графт перабіраецца ўручную. Трэба чалавеку перасадзіць тры тысячы — і тры тысячы па адным перабіраеш, забіраеш, сартыруеш. Для кожнага робіш асобныя адтуліны, кожны асобна перасаджваеш», — растлумачыў Юркоўскі.
Колькі гэта каштуе
Паводле слоў хірурга, у сярэднім падчас адной аперацыі перасаджваюць каля трох тысяч графтаў. Кошт працы з адным графтам складае прыкладна 2–3 рублі.
Такім чынам, сярэдні кошт працэдуры складае 6–9 тысяч рублёў. Пры гэтым у бальніцы сцвярджаюць, што дадатковых плацяжоў за анестэзію, перавязачныя матэрыялы і іншыя расходнікі няма.
«Чалавек прыходзіць і канкрэтна ведае, якую суму заплаціць — ні кроку ўправа, ні кроку ўлева», — адзначыў лекар.
Паводле яго, кошт у Брэсце можа быць канкурэнтным у параўнанні з цэнамі на такую паслугу ў Турцыі, Маскве і прыватных клініках.
Пасля аперацыі не трэба заставацца ў бальніцы
Пасля працэдуры пацыента не пакідаюць у стацыянары — ён можа адразу адправіцца дадому. Пры гэтым медыкі працягваюць сачыць за ягоным станам падчас аднаўлення.
Пацыенты прыязджаюць на кантрольныя агляды, а час наступных візітаў узгадняюць з лекарам.
«Гэта не Турцыя, калі ты з’ехаў, цябе на дарожку перахрысцілі — і з Богам. Тут усё кантралюецца і праглядаецца», — сказаў Юркоўскі.
Паводле яго, найбольш складаным перыядам аднаўлення з’яўляюцца першыя тыдзень-два. Пасля гэтага чалавек можа вяртацца да звычайнага ладу жыцця без істотных абмежаванняў.
Ці робяць перасадку валасоў у іншых гарадах Беларусі?
У Брэсцкай абласной бальніцы адзначаюць, што жадаючых на працэдуру ўжо дастаткова. Для пацыентаў адной з пераваг называюць магчымасць не ехаць за мяжу дзеля трансплантацыі.
«Людзі запісваюцца, людзі гатовыя гэта рабіць. Адна толькі думка, што нікуды не трэба ехаць, што гэта можна зрабіць у нашых родных сценах, — яны толькі за», — расказаў хірург.
Пры гэтым у абласных бальніцах іншых рэгіёнаў Беларусі такую працэдуру пакуль не праводзяць. Перасадка валасоў ёсць у пераліку медыцынскіх паслуг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, а таксама ў клініцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Беларусы таксама нярэдка звяртаюцца па трансплантацыю валасоў у Турцыю.
Чытайце таксама: Чаму беларускія лекары з’язджаюць і выгараюць: новыя дадзеныя паказалі праблемы сістэмы
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: